Галерея классического и
современного искусства
Главная / Художники /   Кристина Норвилайте

Кристина Норвилайте

Крысціна Нарвілайтэ – сябра Саюза мастакоў Літвы. Графік атрымала ступені бакалаўра і магістра ў Вільнюскай акадэміі мастацтваў. Правяла больш за 40 персанальных выстаў, а колькасць яе ўдзелаў у групавых выставах у Літве і за мяжой (ЗША, Ізраіль, Бельгія, Данія, Швецыя, Францыя, Велікабрытанія, Галандыя, Расія, Украіна, Аўстрыя, Германія, Італія, Іспанія, Нарвегія, Фінляндыя і інш.) ужо перавысіла дзве сотні.

У 2010 г. мастачка была ўзнагароджаная адразу дзвюма ганаровымі стыпендыямі – Стыпендыяй творцы Літоўскай Рэспублікі і Стыпендыяй маладых мастакоў мэра Вільнюса. На выставе „Estampas’06“ працы Крысціны Нарвілайтэ былі адзначаныя дыпломам, а на выставе „Estampas’09“ – узнагароджаныя за „Чысціню пластычнай мовы“. Мастачка таксама вядомая як ілюстратарка кніг (выдадзена больш за 80 кніг з яе ілюстрацыямі), куратарка выстаў і аўтарка мастацкіх акцый. З 2000 г. праводзіць адукацыйныя заняткі па графіцы, а з 2009 г. гэтыя заняткі арганізуе таксама і ў дзіцячай бальніцы "Santaros".

 

Ілюстраваная Крысцінай Нарвілайтэ кніга В. Ландсбергіса "Жабка ў бункеры" прызнаная Міжнароднай асацыяцыяй дзіцячай літаратуры (IBBY) кнігай з найлепшымі мастацкімі ілюстрацыямі 2010 года. У 2018 годзе Міжнародная асацыяцыя дзіцячай літаратуры (IBBY) уручыла ёй прэмію за двухколерныя ілюстрацыі для кнігі Ж. Бесьера „Пяро“. У 2011 г. мастачка заснавала галерэю "Крысціна Нарвілайтэ", у якой стварае і экспануе свае працы, праводзіць вечары паэзіі, канцэрты. У 2013-2019 гг. гэтая галерэя была прадстаўленая на мастацкім кірмашы „ArtVilnius“. У 2015 г. дэбютавала як сцэнарыстка ў Нацыянальным драматычным тэатры Літвы.

Працы К. Нарвілайтэ належаць да калекцый музеяў Літвы і Італіі, а таксама да прыватных калекцый у ЗША, Аўстраліі, Японіі, Даніі, Швецыі, Францыі, Велікабрытаніі, Італіі, Галандыі, Расіі, Украіны, Аўстрыі, Германіі, Іспаніі, Нарвегіі, Швецыі, Бельгіі, Кітая, Чэхіі і інш.

 

У гэтым годзе працы К. Нарвілайтэ-Генюшэне прымалі ўдзел у выставах у ЗША, Канадзе, Германіі, Партугаліі, Нарвегіі, мастацкім кірмашы "ArtVilnius’19" і інш.

 

„З аднаго боку, графіка К. Нарвілайтэ падобная да жывапісу – яна друкуецца на палатне і нацягваецца на падрамнік, часцей за ўсё бывае вялікага фармату з моцна выяўленым колеравым кампанентам. З іншага боку, гэта сапраўдныя графічныя адбіткі на ільне плакатнага тыпу, у яркіх колеравых плоскасцях якіх раскрываецца прасторавы сусвет. Створаныя ёй вобразы рэчаў і асобных фрагментаў чалавечага цела дакладна ўпісваюцца ў прастору і завалодваюць ёю.“

(Я. Лішкевічэне „Творчасць Крысціны Нарвілайтэ: Сёмы дзень“, Мастацтва 1/2016)